СЯРЭДНЯЯ ГРУПА
Мэта: фарміраванне ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёй; станаўленне рэпрадуктыўнага маўлення дзяцей на беларускай мове.
Задачы:
развіваць: элементарныя навыкі зносін на беларускай мове;
фарміраваць: уменне адрозніваць беларускае і рускае маўленне; навыкі ўзнаўлення кароткіх літаратурных твораў на беларускай мове;
выхоўваць: асновы нацыянальнага светапогляду.
Маўленчыя зносіны
Развіваць уменні:
- пры садзейніцтве дарослага наладжваць беларускамоўныя зносіны па змесце твораў мастацкай літаратуры і фальклору (беларускія народныя пацешкі, казкі, творы беларускіх пісьменнікаў для дзяцей);
- самастойна разумець маўленне дарослага, адказваць на яго пытанні.
Фарміраваць уменні:
- уважліва слухаць мастацкія творы на беларускай мове, адказваць на пытанні па іх змесце;
- выкарыстоўваць варыятыўныя формы прывітання, развітання, падзякі, звароту з просьбай (добрай раніцы, добры дзень, добры вечар, дабранач, да пабачэння, дзякуй, калі ласка, смачна есці, прабач);
- адрозніваць, параўноўваць, аналізаваць словы прывітання, развітання, падзякі, звароту з просьбай.
Слоўнік
Фарміраваць уменне называць прадметы навакольнага асяроддзя, іх якасці, дзеянні, матэрыялы, з якіх яны зроблены; выкарыстоўваць у маўленні словы, якія абазначаць відавыя і родавыя паняцці (цацкі, посуд, адзенне, мэбля).
Граматычны лад маўлення
Фарміраваць уменні ўтвараць склоны назоўнікаў: родны (санак, лыжак, лялек), месны (на назе, у руцэ, на двары), давальны (дапамагчы Аленцы, дапамагчы Янку); загадны лад дзеясловаў (мый, сядай, пі, паскачы); формы 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку дзеясловаў (ідзе, піша, малюе, варыць, гуляюць, хочуць); асаблівасці роду некаторых назоўнікаў (смачны яблык, калматы сабака); множны лік назоўнікаў (дамы, лясы, вокны).
Гукавая культура маўлення
Фарміраваць уменне правільна вымаўляць спецыфічна беларускія гукі: фрыкатыўны [г], [г’]; заўсёды цвёрдыя гукі [ч], [р] ізалявана (у гукапераймальных словах), у словах і фразах; гук [ў] у словах і фразах.
Звязнае маўленне
Фарміраваць уменні:
- адказваць на пытанні па змесце мастацкіх твораў, карцін і пры апісанні цацак; узнаўляць мастацкія творы на беларускай мове;
- ствараць асобныя выказванні, самастойныя па задуме і моўным афармленні;
- адрозніваць, параўноўваць мастацкія творы на рускай і беларускай мовах.
СТАРЭЙШАЯ ГРУПА
Мэта: фарміраваць устойлівую цікавасць і станоўчыя адносіны да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёю.
Задачы:
- развіваць: пазнавальныя і моўныя здольнасці, назіральнасць адносна моўных з’яў, моўных асаблівасцей беларускай мовы ў параўнанні з рускай, навыкі маўленчага самакантролю;
- фарміраваць: зносіны і сродкі зносін на беларускай мове, навыкі разумення беларускай мовы, уменне адказваць на пытанні дарослага, заахвочваць дзяцей да самастойных выказванняў на беларускай мове;
- выхоўваць каштоўнасныя адносіны да багаццяў беларускай мовы.
Маўленчыя зносіны
Развіваць уменні:
- з дапамогай дарослага апісваць сітуацыю, вырашаць пэўную камунікатыўную задачу і просьбу, расказ, тлумачэнне;
- адрозніваць формы ветлівасці на беларускай мове;
- самастойна ўжываць формы ветлівасці на беларускай мове.
Слоўнік
Фарміраваць уменні:
- ужываць словы – назвы акаляючых прадметаў: назвы цацак, вучэбных прылад (аловак, пэндзаль, сшытак), посуду, мэблі, адзення, хатніх рэчаў (гадзіннік, дыван, канапа), жывёл (вавёрка, трус, матылёк), садавіны і агародніны (цыбуля, бульба); колераў (ружовы, блакітны); якасцей (прыгожы, дужы, смачны, добры, дрэнны); дзеянняў (глядзець, бачыць, сустракаць, расці); разумець і ўжываць абагульняльныя словы; ужываць традыцыйныя беларускія формы імёнаў (Алесь, Уладзя, Ян, Янка, Таццянка, Кастусь, Аленка);
- адрозніваць словы рускай і беларускай моў, якія супадаюць ці падобныя па вымаўленні, але маюць рознае лексічнае значэнне (неделя – нядзеля, диван – дыван).
Граматычны лад маўлення
Фарміраваць уменні:
- з дапамогай дарослага разумець некаторыя асаблівасці граматычнага ладу беларускага маўлення: адзіночны і множны лік асобных назоўнікаў (садавіна, агародніна, крупы, дзверы); дапасаванне прыметнікаў да некаторых назоўнікаў (доўгі цень, белае казляня, вясёлы гармонік); утварэнне некаторых склонавых форм назоўнікаў (бераг – на беразе, гарох – у гароху (гаросе), па палях, па лясах); прыналежных прыметнікаў (ляльчын, татаў, Алесеў, цётчын); вышэйшай (мацнейшы за, лепшы за) і найвышэйшай ступеней параўнання прыметнікаў (найлепшы, найпрыгажэйшы); прыслоўяў (уранку, узімку);
- утвараць назвы маладых істот (мышаня, тыграня), назоўнікаў са значэннем адзінкавасці (бульба – бульбіна, морква – морквіна);
- з дапамогай дарослага фармуляваць пытанні з часціцамі ці, хіба; ужываць у мове прыназоўнікі, словазлучэнні з прыназоўнікамі да, у (да сябра, у лес), злучнік але;
- самастойна ўжываць новыя словы ў розных фразавых канструкцыях; спецыфічна беларускія марфолага-сінтаксічныя звароты (баліць каму, хварэць на што, хадзіць у грыбы, у ягады, дзякаваць каму, смяяцца з каго і інш.).
Гукавая культура маўлення
Фарміраваць уменні:
- самастойна правільна вымаўляць спецыфічна беларускія гукі: [дж], [дз’], [ц’]; фрыкатыўныя [г], [г’]; зацвярдзелыя гукі [ч], [р]; гукаспалучэнне [шч], ізалявана (у гукапераймальных словах), у словах і фразах; гук [ў] у словах і фразах;
- правільна вымаўляць словы з падоўжанымі зычнымі ў словах (калоссе, варэнне); выразна вымаўляць ненаціскныя галосныя;
- правільна вымаўляць рускія і беларускія словы, падобныя па гучанні (зверек – звярок, ночь – ноч);
- адрозніваць, параўноўваць, аналізаваць рускія і беларускія словы, падобныя па гучанні (зверек – звярок, ночь – ноч).
Звязнае маўленне
Фарміраваць уменні:
- разумець беларускае маўленне, мастацкія творы на беларускай мове – як празаічныя, так і вершаваныя;
- пераказваць кароткія казкі і апавяданні – як знаёмыя, так і ўпершыню пачутыя; ствараць выказванні, якія характарызуюцца самастойнасцю, закончанасцю, лагічнай сувяззю паміж сваімі часткамі і моўным афармленнем;
- адрозніваць, параўноўваць, аналізаваць мастацкія тэксты на беларускай мове.