Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Раздзелы сайта

Гульнёвы практыкум для бацькоў

Гульнёвы практыкум для бацькоў “Падарожжа ў краіну роднай мовы”

Навошта дзіцяці вывучаць родную мову?

Па-першае, валоданне роднай мовай вялікую ролю іграе ў прыцягванні да культурнага наследдзя, духоўных каштоўнасцей народа, у развіцці моўнай культуры і беражлівых адносін да роднай мовы. Веданне роднай мовы дапамагае пазнаць дзіцяці свае родныя карані.

Па-другое, двухмоўе станоўча сказваецца на памяці, хуткай рэакцыі, уменні разумець і аналізаваць. Дзеці, якія ў дашкольным узросце валодаюць двумя мовамі, як правіла, вельмі добра вучацца ў школе, лепей засвойваюць абстрактныя навукі, літаратуру і замежныя мовы.

Калі патрэбна пачынаць вывучэнне беларускай мовы?

Паступовае развіццё элементарных якасцей беларускай мовы пачынаюць з ранняга ўзросту, калі яшчэ дзейнічае механізм падражання, працягваюць яе на працягу дашкольнага ўзросту, так як у гэтым узросце дзеці успрымаюць большы аб’ём новых ведаў.

Паважаныя бацькі! Прапануем падарожжа у краіну роднай мовы, што дапаможа Вам, а таксама нам, далучыць нашых дзяцей да беларускай мовы.

Станцыя 1. “Глядзім па-беларуску”. Можна пачынаць з самага просценькага: з “Калыханкі”, з ранішніх праграм для дзяцей на “Беларусь – 3”.

Станцыя 2. “Спяваем па-беларуску”: развучваць не толькі рускаязычныя песні, але і беларускія песенькі. Напрыклад: “Маленькай яліначцы холадна зімой”, пераклад усім знаёмай навагодняй песні, а таксама перакладзеныя песні з любімых мультфільмаў і г.д.

Станцыя 3. “Малюем па-беларуску”. Выкарыстоўвайце чатырохвершаваныя радкі і гульні пры маляванні. Напрыклад: «Кропка, кропка, побач – коска. Атрымаўся тварык просты. Ручкі, ножкі, агурочак - чалавек па свеце крочыць».  Таксама малюнкам можна даваць беларускія назвы: «Яблынька»,  «Кветка», «Сонейка», «Вясёлка», «Мама, тата, я» і абмяркоўваць намаляванае на беларускай мове.

Станцыя 4. “Гуляем па-беларуску”. Гэта могуць быць знаёмыя гульні з пераводам слоў, напрыклад: , «Раз, два, тры, чатыры, пяць. Я іду цябе шукаць». Навучыцца па-беларускі чысціць зубы: «У мяне зубная шчотка, ёю зубы чышчу чотка! Хто не чысціць зубы шчоткай, вырасце бяззубай цёткай!». Падобнае можна знайсці у кнізе А.Хадановіча “Нататкі таткі”.

Гуляць можна на прагулцы ў лесе, што дае магчымасць замацоўваць вымаўленне гукаў. Напрыклад: “Зараз мы пойдзем на прагулку ў лес. Цудоўна там, вось толькі камары перашкаджаюць. Лётаюць вакол цябе і звіняць: з-з-з-з-з-з… Як яны звіняць? (З-з-з-з…)

– Галінкамі адгонім камароў і пойдзем далей. А навокал шмат прыгожых кветак! Пчолы лётаюць, збіраюць мёд і размаўляюць паміж сабой: ж-ж-ж-ж… Як яны размаўляюць? (Ж-ж-ж-ж…).

Цікава можна праводзіць час на кухні, а таксама замацоўваць уменне правільна утвараць новыя беларускія словы. Гэта можа быць гульня “Куды што пакладзём?“Мама прыйшла з магазіна і раскладвае прадукты. Прапануйце дапамагчы свайму дзіцяці раскласці прадукты. Куды мы пакладзем хлеб? Хлеб мы пакладзём …….у хлебніцу, цукар? у … (цукарніцу), масла?....у (масленіцу.), цукеркі? у……(цукерніцу), сухары? у…. (сухарніцу), селядзец у … (селядзечніцу), соль? … (сальніцу)

Гэта могуць быць гульні на развіццё звязнага маўлення, напрыклад: “Лапатушкі”.

Для гульні падбіраюцца скорагаворкі, якія вымаўляюцца з пытальнай і сцвярджальнай інтанацыямі ў форме размовы паміж двума дзецьмі:

– Пайшоў Сёма лавіць сома? – Пайшоў Сёма лавіць сома.

– Соня спіць спакойна дома?  – Соня спіць спакойна дома.

Выкарыстоўваюцца і скорагаворкі, пабудаваныя на дыялогу:

– Ці маліну мылі вы? – Мылі, ды не мылілі.

– Ці лілі алей у рэдзьку, ці лілі? – Ты не цілілікай, Федзька, сам налі.

Станцыя 5Размаўляем па-беларуску”. Кожны дзень можна абмяркоўваць з дзецьмі падзеі дня: “Як прайшоў дзень у дзіцячым садку”, “Што новага бачылі на прагулцы”, “Якую новую кнігу сёння чыталі?” і г.д. А яшчэ можна падпісаць прадметы, якія акружаюць дзяцей у іх пакоі на беларускай мове і кожны дзень замацоўваць іх назвы.

Станцыя 6. “Чытаем па-беларуску”.Чытайце з дзецьмі як мага больш, а галоўнае пагаварыце, пра што прачыталі!

Мастацкая літаратура і творы фальклору, прапанаваныя для чытання дзецям:

Беларускія народныя песенкі і пацешкі твораў беларускіх пісьменнікаў

У. Юрэвіч. «Бярозчыны валёнкі»; А. Кобец-Філімонава. «Сем мастакоў»; Я. Брыль. «Жыў-Быў вожык».

Беларускія народныя казкі

“Курачка-Рабка”, “Былінка і верабей”, “Зайкава хатка”, “Каза-манюка”, “Пчала і муха”, “Муха-пяюха”, “Коцік, пеўнік і лісіца”.

Творы беларускіх паэтаў

Т. Кляшторная “Ветлівыя словы”, “Шпак”, “Дожджык”, “Паўцякалі цацкі”, “Не сквапная”; В. Рабкевіч “Едзе восень”; С. Сокалаў-Воюш “Блакіт нябёс”, “Алоўкі”, “Елка”; А. Дзеружынскі “Пралеска”; А. Прохараў. “За адвагу”; Я. Колас”Сонца грэе, прыпякае”, “Храбры певень”; Я. Купала “Лістапад”; Я. Журба “Першыя сняжынкі”, “Дзед Мароз”; З. Бядуля “Мае забавы”; М. Хведаровіч “Свеціць, як сонца, ад самай калыскі”; Л. Пранчак “Завіруха”; Э. Агняцвет “Маме”; А. Бадак “Мышка”, “Беларусачка”; С. Грахоўскі “Сонечная сцежка”; А. Грачанікаў “Сон”; Л. Рашкоўскі “Я хачу салдатам стаць”; К. Цвірка “Коцікі”; В. Лукша “Вясёлка”.

Станцыя 7. “Парады для бацькоў: Як пачаць размаўляць па-беларуску”

Пазбаўцеся страхаў

Беларусы, якія не вырашаюцца перайсці на беларускую, часцей за ўсё маюць 1001 прычыну для гэтага. Вось некаторыя з іх:

- Я кепска размаўляю па-беларуску, таму лепш не псаваць сваімі памылкамі гэтую цудоўную мову. – Ніводная нацыя ў свеце не размаўляе на літаратурнай мове! Нават беларускія пісьменнікі кожны мае “свой варыянт” мовы, з дамешкамі і рэгіянальнымі асаблівасцямі.

- Я з дзяцінства размаўляю па-расейску, мая сям’я расейскамоўная. – Уявіце, што з такімі перакананнямі вам давялося б пераехаць жыць у Францыю ці Амерыку. Таксама б працягвалі?

- Гэта мёртвая мова, ніхто ў горадзе на ёй не гаворыць. – Вы маеце шанс стаць першым! І прыкладам для іншых гараджанаў – калі яны не пачнуць тут жа размаўляць, то прынамсі задумаюцца.

- Гэта мова калхозу і апазіцыі. – Вы адсталі ад трэнду! Сёння беларуская мова – мова культуры, інтэлігенцыі, а таксама мова для кожнага беларуса на ўсе выпадкі жыцця! Размаўляць па-беларуску – гэта сучасна, годна і модна!

Папаўняйце свой слоўнікавы запас

Пачніце з пасіўных спосабаў: чытайце кнігі, глядзіце агучаныя па-беларуску фільмы, слухайце беларускамоўную музыку, чытайце беларускамоўныя сайты і газеты, усталюйце на кампутары праграмы з беларускім інтэрфейсам. На сайтах, дзе гэта дасяжна, пераключайцеся на беларускую мову. Тое самае – з банкаматамі, інфакіёскамі і г.д.

Пішыце па-беларуску

Калі вам складана пачаць размаўляць – пачніце з пісьмовай мовы. Мэйлы, эсэмэскі, паведамленні ў інтэрнэце, допісы ў сацсетках. Пры гэтым вы маеце час абдумаць напісанае, зазірнуць у слоўнік (slounik.org). Вашыя знаёмыя пачнуць звыкацца да вас беларускамоўнага, а вы знойдзеце новых беларускамоўных знаёмых.

Звяртайцеся па-беларуску да незнаёмцаў

Псіхалагічны бар’ер прасцей за ўсё пераадолець з незнаёмымі людзьмі, якіх вы бачыце першы і апошні раз: прадавачка ў краме, кіроўца маршруткі, мінак на вуліцы. Гэта прасцей, чым адразу пачаць размаўляць па-беларуску з бацькамі ці сябрамі, з якімі ўсё жыццё вы гутарылі па-расейску.

Наведвайце беларускія імпрэзы

Чуць жывую мову – вельмі важна, каб хутчэй авалодаць ёй самому. Да таго ж, на такіх імпрэзах вы можаце здабыць новыя знаёмствы – і пашырыць свой беларускамоўны асяродак. Яшчэ адзін спосаб – вандроўкі з беларускамоўнымі экскурсаводамі і краязнаўцамі.

Пачніце ўжываць мову ў побыце

Спачатку ў сям’і, потым на працы – у звыклых вам асяродках. Будзьце гатовыя тлумачыць зноўку і зноўку людзям прычыны такога пераходу. Прасіце падтрымаць вас у гэтым. Памятайце, што расейскамоўныя беларусы цудоўна вас разумеюць, калі вы звяртаецеся да іх па-беларуску. Старайцеся размаўляць павольна і прыгожа – каб суразмоўцам было яшчэ прасцей разумець вас. Гэта яшчэ болей прыхіне людзей да вас.

Набярыцеся цярпення

Для таго, каб пачаць не толькі размаўляць, але і думаць, сніць сны па-беларуску, вам спатрэбіцца час. Але мэта таго вартая, бо разам з моваю вам адкрыецца ўнікальны беларускі сусвет!